Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Грамадства
26 сакавіка 2024, 14:28

Васілеўская на МКС пачала выкананне даследчай часткі палёту

26 сакавіка, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Першы беларускі касманаўт Марына Васілеўская на Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) пачала выкананне даследчай часткі палёту. Аб гэтым паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу дзяржкарпарацыі "Раскосмас".

"На МКС пачалі правядзенне эксперыментаў па беларускай праграме", - гаворыцца ў паведамленні расійскай касмічнай карпарацыі.

У прыватнасці, названы эксперымент "Проксібіётык" (даследаванне ўласцівасцей мікраарганізмаў і іх кансорцыумаў для стварэння комплекснага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту) і эксперымент "Магнітная фабрыкацыя" (даследаванне магчымасці кіруемага фарміравання і фабрыкацыі трохмерных структур ва ўмовах мікрагравітацыі з арганічных і неарганічных матэрыялаў пры дапамозе магнітных палёў).
Навуковая праграма беларускага касманаўта была распрацавана Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з "Раскосмасам" і Расійскай акадэміяй навук. Яна ўключае сем мэтавых работ - пяць навукова-даследчых і два адукацыйныя праекты. Навуковыя даследаванні будуць праведзены ў галіне біялогіі, фізіялогіі, аўтаномнага функцыянавання касмічных станцый, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем фота- і відэаспектральнай апаратуры беларускай вытворчасці, што знаходзіцца на МКС. Будуць даследаваны таксама лактаферын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх далейшага магчымага выкарыстання ў стварэнні прадуктаў харчавання для касманаўтаў.

Марына Васілеўская адправілася на арбіту Зямлі 23 сакавіка на караблі "Саюз МС-25" у складзе міжнароднага экіпажа, у які таксама ўваходзяць камандзір карабля касманаўт "Раскосмасу" Алег Навіцкі і астранаўт NASA Трэйсі Дайсан. 25 сакавіка яны прыбылі на МКС, дзе іх сустрэлі ўдзельнікі працяглай экспедыцыі касманаўты "Раскосмасу" Алег Кананенка, Мікалай Чуб і Аляксандр Грабёнкін, а таксама астранаўты NASA Лорал О’Хара, Мэцью Домінік, Майкл Барат і Джанет Эпс.

Паводле даных "Раскосмасу", пасля прыбыцця на МКС новага экіпажа адбылася яго стыкоўка з расійскім сегментам МКС. Былі таксама праведзены кансервацыя карабля "Саюз МС-25", сушка аварыйна-выратавальных скафандраў "Сокал-КВ2" і пальчатак касманаўтаў і ўкладка іх на захоўванне, перанос з карабля і размяшчэнне на станцыі тэрміновых грузаў, укладак і апаратуры па эксперыментах "Проксібіётык", "Магнітная фабрыкацыя", "Лактаферын" і "Цытамеханарыум". Акрамя таго, праведзена тэхнічнае абслугоўванне сістэм забеспячэння жыццядзейнасці.

Плануецца, што Марына Васілеўская і Алег Навіцкі вернуцца на Зямлю 6 красавіка на караблі "Саюз МС-24", які прыстыкаваўся да МКС 15 верасня 2023 года. Кампанію ім складзе амерыканка Лорал О'Хара, якая прыляцела на МКС якраз на "Саюзе МС-24".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі