Сцяг Панядзелак, 20 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Прэзідэнт
09 мая 2024, 19:27

Лукашэнка назваў Вялікую Перамогу ключавым момантам у гісторыі адраджэння і станаўлення беларускай нацыі

9 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Вялікая Перамога - гэта галоўны і ключавы момант у гісторыі адраджэння і станаўлення беларускай нацыі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў рамках патрыятычнай акцыі "Беларусь памятае!", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Амаль восемдзесят гадоў таму крывавы смерч самай страшнай у гісторыі вайны быў спынены ахвярным подзвігам савецкіх людзей. Гэты факт навек замацаваны на руінах Рэйхстага і ў акце аб безагаворачнай капітуляцыі фашысцкай Германіі, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Германская ваенная машына разбілася аб небывалы гераізм і мужнасць нашых бацькаў, дзядоў і прадзедаў. Доўгія чатыры гады на фронце і ў тыле кавалася Вялікая Перамога. На барацьбу з ворагам стаў і стары і малы".

Заплаціўшы за свабоду мільёнамі жыццяў сваіх сыноў і дачок, Савецкі Саюз выратаваў тады чалавецтва ад заняволення, а асобныя народы - ад поўнага знішчэння, звярнуў увагу беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў, што сучаснае пакаленне ганарыцца сваімі продкамі, ветэранамі-пераможцамі: "Мы славім іх подзвіг і, стоячы ля Вечнага агню, даём клятву, што зробім усё, каб памяць аб іх захаваць у вяках".

"Запомніце, мы прыходзім сюды, каб не паўтарылася страшнае мінулае. Забудзем гэта мінулае, перастанем прыходзіць да помнікаў - яно прыйдзе да нас", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб адным з важных вывадаў, зробленых чалавецтвам на ўроках гісторыі: "Як ты ставішся да памяці сваіх продкаў, асабліва тых, хто падарыў табе жыццё і свабоду, так і да цябе будучыя пакаленні будуць ставіцца".
"Мы не вечныя, мы смертныя. Запомніце, калі ласка: прыходзьце да помнікаў, да Вечнага агню. Ціха і спакойна, без усялякай арганізаванасці, - даў наказ беларускі лідар. - Помніце і кланяйцеся тым, хто падарыў нам свабоду, калі мы не хочам ваяваць".

Наказ ад цяперашняга пакалення беларусаў будучым - свята берагчы праўду аб той вайне як найвышэйшую каштоўнасць. Для нас яна сімвал непарыўнай сувязі пакаленняў, адна з асноў духоўнага адзінства і з'яднанасці народа, дадаў кіраўнік дзяржавы.
"Вялікая Перамога - галоўны і ключавы момант у гісторыі адраджэння і станаўлення беларускай нацыі, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Яе ўрокі даюць магчымасць сёння, помнячы і ведаючы мінулае, зазірнуць у будучае. А жыццялюбства і творчая энергія пакалення пераможцаў, якое аднавіла краіну з руін, з'яўляюцца прыкладам таго, як мы павінны жыць і працаваць".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі