22 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр замежных спраў Сяргей Алейнік на ўрачыстым сходзе з выпадку 105-годдзя дыпламатычнай службы Беларусі адзначыў асаблівую важнасць цяперашняга гістарычнага перыяду і падзяліўся яркімі дыпламатычнымі поспехамі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Кожны з нас разумее і на сабе адчувае вастрыню моманту, у які нам даводзіцца жыць і працаваць. Так, этап фарміравання новага светапарадку, праз які мы праходзім, пераломны, а значыць - без перабольшання вельмі і вельмі складаны, - заўважыў ён. - Але менавіта ў гэты гістарычны момант мы замацоўваем месца нашай роднай Беларусі ў новай сістэме міжнародных адносін. Ад таго, як мы спрацуем, будзе залежаць, наколькі будзе чутны голас Беларусі на міжнароднай арэне, наколькі паспяхова будзе далей развівацца наша краіна".
У гэтым, безумоўна, ёсць вялікая адказнасць для дыпламатаў, але адначасова і гонар за вынік, якога ўдаецца дасягаць штодзённай працай, дадаў кіраўнік МЗС. Паводле яго слоў, гэта выразна відаць на прыкладзе апошніх пяці гадоў, калі з-за абставін (пандэміі, беспрэцэдэнтнага заходняга націску, расійска-ўкраінскага процістаяння) давялося перакройваць напрамкі знешнепалітычных і знешнеэканамічных намаганняў Беларусі і рабіць гэта "максімальна выверана, аператыўна і эфектыўна".
"У нас ёсць важкія, важныя для краіны вынікі, яркія дыпламатычныя поспехі", - канстатаваў міністр. Сярод такіх поспехаў ён назваў выхад на беспрэцэдэнтны ўзровень адносін з Расіяй - стратэгічным саюзнікам Беларусі.
"Наш экспарт у Расію за пяць гадоў дасягнуў гістарычнага максімуму, павялічыўшыся практычна ўдвая. Другі год запар мы выходзім на дадатнае сальда, чаго не было ніколі за гісторыю суверэннай Беларусі", - сказаў Сяргей Алейнік.
Выніковымі і запамінальнымі, паводле яго ацэнкі, былі старшынства Беларусі ў ЕАЭС, СНД і АДКБ. Адчувальны прагрэс дасягнуты на вектары далёкай дугі, рэкордна вырасла колькасць і эфектыўнасць кантактаў з гэтымі краінамі, асабліва на вышэйшым і высокім узроўнях. "Адносіны ўсепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства ўстаноўлены з Кітаем. Істотныя зрухі адбыліся ў нарошчванні супрацоўніцтва Беларусі з краінамі Глабальнага Поўдня ў шматбаковым і двухбаковым фарматах", - пералічыў кіраўнік МЗС.
Ён таксама звярнуў увагу на прарыў па ўступленні ў ШАС - у гэтым годзе плануецца завяршыць працэс юрыдычнага афармлення паўнапраўнага членства Беларусі ў гэтай арганізацыі. Не за гарамі далучэнне да БРІКС.
Разам з тым міністр адзначыў глыбокі крызіс у адносінах з Захадам.
"Але нам удалося агульнымі намаганнямі паспяхова і даволі эфектыўна процістаяць заходняму націску. Усё гэта дзякуючы сістэмнай рабоце, нестандартным рашэнням як у частцы процідзеяння палітычным дэмаршам, так і эканамічным санкцыям", - сказаў ён.
Асаблівы акцэнт Сяргей Алейнік зрабіў на значных поспехах у знешнеэканамічнай дзейнасці. Так, за апошнія пяць гадоў беларускі экспарт тавараў вырас амаль на 20 працэнтаў. Беларусь гандлюе больш як з 210 краінамі свету, і гэта нягледзячы на націск, санкцыі і ілюзію ізаляцыі з боку недружалюбных краін.
Разам з тым дыпламатам даводзілася і жорстка адстойваць інтарэсы Беларусі на шматбаковых пляцоўках, процідзейнічаючы адкрыта палітызаваным антыбеларускім рашэнням і ініцыятывам.
"Нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы прадаўжалі, прадаўжаем і будзем прадаўжаць развіваць выключна аб'яднальны парадак дня", - падкрэсліў міністр.
Кіраўнік МЗС падзякаваў калектывам міністэрства і загранустаноў за штодзённую карпатлівую працу на ўсіх шматгранных напрамках дзейнасці дыпслужбы: "Наша работа дае магчымасць атрымліваць адчувальны вынік для краіны і забяспечваць работу нават у няпростых геапалітычных і складаных эканамічных умовах". "За работнікамі МЗС склаўся імідж дзяржаўных служачых са знакам якасці. У Год якасці разлічваю, што наш калектыў, нягледзячы на кампактны склад і ўсё большую палітру задач і геаграфію, і ў далейшым будзе дастойна пашыраць інтарэсы роднай Беларусі", - рэзюмаваў Сяргей Алейнік.-0-